Атрад не заўважыў...
| Новости - Гомель политика |
Не так даўно ў войска пайшоў Андрусь Цянюта – лідар гомельскай арганізацыі “Маладога Фронту”. Андрусь шмат прычыніў клопату нашым уладам: i графіці антынастроеныя на сценках маляваў, i сцягі дзе ня трэба развешваў… Адным словам, паўсюль лез уставіць свае тры капейкі. Простыя грамадзяне гэтай кіпучай дзейнасці не заўважалі. Бо грамадства “не разумела гумару”. Не разумелі гумару і міліцыянты, рэгулярна вешаўшыя Андрусю вялізныя штрафы – за лаянку, за супраціў міліцыі, і г.д.
І стаў Андрусь вялікім героем. Па самыя вушы ў штрафах. Стаў ен горам бясконцым для маці, якая ўжо і рукою махнула, каб лішні раз слез ня ліць. Да таго захапіўся “змаганнем з рэжымам”, што забыўся вучыцца,- за што і быў адлічаны з Бранскай сельгасакадэміі, у якую некалі здолеў паступіць. Зрэшты, “навуковая ўстанова” тая болей нагадвае звычайную лахарню,- толькі назва крутая. І каб адлічылі ўжо адтуль, трэба было моцна пастарацца.
Паколькі ж з адлічэннем Андруся скончылася адтэрміноўка ад войска, яго і прызвалі ў “шэрагі стальныя, чырвоназорныя”. У адрозненне ад Змітра Жалезнічэнкі, ен не асабліва ўпіраўся – так толькі, каб атрымаць яшчэ адзін штраф напаследак. І нават згадзіўся прыняць прысягу.
І вось надыйшоў апошні дзень “на гражданцы”. Здавалася б, хлопец колькі зрабіў дзеля будучыні беларускае дэмакратыі, колькі пацярпеў за свабоду! Дык павінны былі б сабрацца тыя, за каго ен на амбразуру лез. Усе гэтыя Кацоры ды Сякеркі, Паляковы ды Кузняцовы, кіраўнікі мінскага “Маладога Фронту” ды БХД. Бо Андрусь і за іх падстаўляў сваю галаву (і другія часткі) – ад штрафаў да сутак. Яны павінны былі б сабрацца ды зладзіць нейкіе провады. Выказаць яму сваю падзяку ды падтрымку. Паціснуць руку. Сфатаграфавацца на памяць. Сабраць грошай для ягонай маці, маўляў, ваш сын служыў дэмакратыі, і пацярпеў за яе, вы пацярпелi таксама,- дык вось вам ад нашага чыстага сэрца.
Але – не сабраліся. Ніхто. Нібыта і няма нічога. Нібыта і не іхні сябра ен, а так, нехта пабочны. Нібыта і не верашчалі яны гэтыя пару месяцаў на сваіх сайтах пра тое, што “Андруся Цянюту незаконна прызываюць ў войска”, быццам не называлі яны яго пасля кожнага атрыманага ім штрафу “ахвярай рэжыму”, быццам не было вэрхалу ў Еўропе і Амерыцы. Можа, гэта таму, што нечым больш важным былі занятыя?
Здаецца мне, справа ў іншым. Яны таму не сабраліся на провады Андруся ў войска, таму не сказалі яму слова цеплага, што ен перастаў ахвяраваць сабой дзеля чужога дзядзькi. Ім патрэбна, каб было пра каго пісаць як пра “ахвяру рэжыму”, каб было, чыю абарону імітаваць, і праз тое – патрабаваць ад Захаду грошай “на змаганне”. Спадарам-дэмакратам патрэбныя парушэнні правоў чалавека. Інакш навошта патрэбныя яны самі? Вось калі б Цянюта павеў сабе таксама як раней Жалезнічэнка, калі б ен “упіраўся рогам”: адмовіўся прымаць прысягу, ці ўвогуле не пайшоў бы ў ваенкамат, а збег некуды. Калі б дайшло да крымінальнай справы, - вось тады б яны загаманілі на ўвесь свет. Калі б можна было пісаць на сайце “АДСГомель”: “100 дзен незаконнага ўтрымання Андруся Цянюты ў войску!”, - вось тады б яго на руках насілі.
Нашыя апазіцыянеры – гэта не палітыкі, а “праваабаронцы”. Я невыпадкова ўзяў гэтае слова ў коскі. Бо праваабарончую дзейнасць яны імітуюць. Нерэпрэсаваны, неаштрафаваны і на волі, Андрусь Цянюта ім не патрэбны. Яны ездзяць па свеце з іменамі “пацярпелых” (якіх самі жа і падстаўляюць пад рэпрэсіі) , і робяць на гэтым грошы. А яшчэ – вандруюць па цеплых краінах. За кошт заакіянскіх падаткаплацельшчыкаў. Вандроўкі “За свабоду!”, так бы мовіць. Па тых вандроўках мапу свету скласці можна. Хіба толькі на Луне яшчэ не былі.
Цянюта ж пайшоў у войска без “піяру”. Бо на прыкладзе Жалезнічэнкі зразумеў, што яго чакае: пакуль ен будзе сядзець “у адказе”, хтось на гэтым добра заробіць, а яму асабіста ніхто не дапаможа. І ягоны ўчынак – учынак дарослага чалавека. Магчыма, першы ў ягоным жыцці. Бо “маладафронтаўскія забавы” – графіці ды флэш-мобы, хуліганскія выхадкі “ў знак пратэсту” – гэта дзяцінства. Раней ці пазней яно павінна было скончыцца.
Зрэшты, і сам Зміцер Жалезнічэнка, здаецца, зразумеў, у якую кепскую гульню яго вымусілі згуляць калегі па “дэмакратычным руху”, і пасля вяртання з арміі не стаў працягваць гуляць у “героя”, а з’ехаў за мяжу. Магчыма, гэта было не лепшае выйсце, але лепш, чым быць вечным пэрсанажам для “Белсат” і атрымліваць за гэта штрафы.
Пакуль гомельскія “маладафронтаўцы” – без кіраўніка. Для іх гэта значыць “палітычную спячку” мінімум на паўтары гады,- пакуль Андрусь у войску. Іншых лідараў там няма. Андрусь, за кошт сваей асабістай вядомасці хоць колькі грошай пад арганізацыю мог атрымаць – а іншыя? Наўрад ці. Ды й увогуле, ен там быў самы смелы і самы актыўны. Астатнія – зусім школьнікі, іх раз-другі пужануць, яны й разбягуцца хто куды. Тыя, каго ен сабраў у сваю каманду, могуць працаваць толькі тады, калі ен асабіста дае загады...
Хаця, спадар Кацора нават задаволены такім вынікам справы, бо цяпер у створанай ім “кааліцыі” будзе на аднаго патэнцыйнага “нязгоднага” меней. Вучыцеся, хлопцы! З чужога гора – мне цукерка! Вось, як трэба рабіць усім дэмакратычным палітыкам. І тады свабода – не за гарамі!!!
Жыве Беларусь!


Комментарии
А Андрусь - может задумается кто есть кто.
Как говорит народная мудрость "Армия ума не прибавляет, но дурь выбивает".
RSS лента комментариев этой записи.