Амаль старажытнагрэчаская тэатральнасць
| Новости - Гомель политика |
Цікава і карысна час ад часу наведваць тэатр. З’ява гэта каштоўная, павучальная і, адначасова, цалкам гістарычная, бо узнікла яна (дакладней, ён – тэатр) амаль адначасова з узнікненнем грамадзянства, палітыкі і палітычнай барацьбы ў сучасным разуменні гэтых тэрмінаў.
Добра вядома, што заснавальнікамі тэатральнага мастацтва былі старажытныя грэкі. Яны ў свой час лічылі, што менавіта ў тэатры адбываецца сапраўднае выхаванне грамадзян, а таму ўводзілі наведванне тэатра (у старажытных Афінах і многіх іншых гарадах) у шэраг асноўных грамадзянскіх абавязкаў.
Тады – у старажытнасці – тэатр з’яўляўся месцам спаборніцтва таленавітых драматургаў, сярод якіх час ад часу сустракаліся дзейсныя палітыкі. Драматычныя творы трагічнага і камедыйнага кшталту выкарыстоўваліся тады, з аднаго боку, для народнага навучання, з другога – для супрацьдзеяння залішне амбіцыйным намерам палітычных дзеячоў. Адлічэнне ж сродкаў на ажыццяўленне тэатральных пастаноў было важнай дзяржаўнай павіннасцю – так званай літургіяй – найбольш заможных грамадзян грэчаскіх полісаў.
У нашыя дні роля тэатру ў жыцці грамадства значна змянілася. Але «тэатральнасць» у паводзінах нашых палітыкаў-небарак захоўваецца і квітнее. Дзіўна, але здаецца часам, што цяперашнія спадары-дэмакраты (дарэчы, старажытныя грэкі, хутчэй за ўсе, назвалі б іх охлакратамі ці дэмагогамі) імкнуцца сваей дзейнасцю аднавіць у сучасным палітычным жыцці традыцыі тэатру V-ІV стст. да н.э.
Возьмем, напрыклад, спадара Кацору. Далі б яму старажытнагрэчаскія ўмовы – які майстар (адначасова драматург, акцер і палітык-дэмагог) выйшаў бы! Трагедыі ствараў бы, да якіх Эсхіл з Сафоклам і Эўрыпідам нават блізка падысці не здолелі. Куды там «Медэі» ці «Узяццю Мілета»! Забірай вышэй! Даеш «Грамадзянскія ініцыятывы» разбураныя»! «Уладзімір Кацора прыкаваны»! «Фенікс, альбо аднаўленне Кацоры з пеплу»! У тым, што трагедыі былі б пранікненымі і «выбівалі слязу» – няма ніякага сумніву. У тым, што захаплялі б гледача авантурным сюжэтам – таксама. Дзякуй Богу, у аўтара і фантазіі і выразных сродкаў хапае. А калі б у Кацоры атрымалася яшчэ выканаць у скаладзеных трагедыйных сцэнарыях галоўную ролю ды дадаць да сваей першай партыі хор пад кіраўніцтвам Васіля Палякова – тут наогул ніхто б з Уладзімірам Александравічам канкураваць не змог! «Драматургі-паплечнікі» вымушаныя былі б схіліць галовы перад талентам маэстра-патрыярха, а ворагі, напэўна, беглі б, апантаныя страхам помсты з боку ўзрушанага кацоравым мастацтвам народу.
Невядома дакладна – ці наведваюць Уладзіміра Кацору такога кшталту мары. Безумоўна адзінае – трагічныя ролі ен ужо распрацаваў і рэпетыцыі пачаліся. Паступова агучваюцца то адзін маналог, то другі. То Кацора вяртае да жыцця – практычна, выцягвае з пасткі Цэрбера – дрэўца «Грамадзянскіх ініцыятыў» (звярніце увагу, майстар не толькі апрацоўвае міфы, але і наноў стварае іх), то ў адзіноце змагаецца з дванаццацігаловай гідрай дзяржнаменклатуры, то, як Праметэй, ахвяруе сабою дзеля шчасця роду чалавечага… Прыгожа, а галоўнае – застаецца надзея, што, як гэта гаворыцца, «піпл схавае»…
На жаль, умовы творчасці спадара Кацоры ўсе ж не старажытнагрэчаскія, і для безумоўнага поспеху яго справы шмат чаго не хапае. Няма ні абавязковых «літургій», ні заможных грамадзян, згодных ахвяраваць сродкі для надання пастановам неабходнага маштабу. Замежныя «добразычліўцы» (персы ды мідзійцы нашых дзен) у апошні час таксама амаль не дапамагаюць грашыма. Таленавітыя маладыя «драматургі» есць, аднак працуюць яны – quod licet Jovi, non licet bovi! – пераважна не ў трагічным жанры, і уцягнуць іх у пажаданае спаборніцтва наўрад ці атрымаецца.
Галоўнае ж – няма ў Кацоры гледача, таго самага зацікаўленага грамадзяніна, які, што ў антычным тэатры, што ў сучасным, з’яўляецца галоўнай асобай і асноўнай прычынай стварэння кожнай пастановы. І не таму яго (гледача) няма, што грамадзяне не маюць абавязку наведваць кацорын «тэатр», а таму, што ні навучыцца чамусьці добраму, ні выхавацца ў спадара Кацоры нельга.
Так што, не атрымае Ўладзімір Александравіч славы, якой ен так прагне. Ня быць яму паспяховым драматургам-палітыкам. А тэатральнасць, што ж, можа і спатрэбіцца калісьці – хаця б у самаробнай Батлейцы для ўнукаў (канешне, пры умове, што хаця б гэта яму стварыць удасца).
P.S. Жизнь – театр, и люди в нем – актеры (В.Шекспир).

